Крытэрыі праектавання
Міжславянская грунтуецца на агульнай спадчыне ўсіх славянскіх народаў, а адрозненні пераадольваюцца шляхам дасягнення кампрамісаў. Да ўсіх славянскіх моваў ставяцца аднолькава, хаця нельга пазбегнуць таго, што міжмоўная славянская бліжэй да «сярэдніх» моваў, такіх як славацкая ці русінская, чым да перыферыйных моваў, такіх як лужыцкая ці македонская. Міжславянская мова відавочна не павінна быць «больш славянскай, чым славяне», ачышчаючы яе ад іншаземных уплываў, нават калі мова, заснаваная на агульнасці славянскіх моў, у любым выпадку аўтаматычна ліквідуе многія мясцовыя (неславянскія) уплывы. Аднак няма прычын выключаць міжнародную лексіку, пры ўмове, што яна можа быць пазнаная ўсімі, або, прынамсі, большасцю носьбітаў славянскіх моваў.
Асноўная мэта міжславянскай мовы — максімальная зразумеласць для ўсіх славян, якая дасягаецца шляхам сістэматычнага забеспячэння найбольшага супольнага назоўніка славянскіх моў як з пункту гледжання граматыкі, арфаграфіі, сінтаксісу, так і лексікі. Калі немагчыма знайсці агульнае рашэнне, мы шукаем кампраміс. Калі нават кампраміс немагчымы, мы павінны зрабіць выбар або проста прапанаваць абодва рашэнні.
Другасная мэта палягае ў тым, што яе можна лёгка вывучыць і выкарыстоўваць, у першую чаргу славянамі, але таксама і неславянамі. Відавочна, што славянская мова з граматыкай, якая складаецца з дзесяці простых правіл, немагчымая. Тым не менш, мы намагаемся захаваць граматыку як мага больш простай і правільнай, не ахвяруючы славянскім характарам мовы.
У гэтым раздзеле падрабязна апісваецца, як дасягаюцца гэтыя дзве мэты.
Фаналогія і пісьмо
Асноўныя прынцыпы распрацоўкі фаналогіі і пісьма наступныя:
- Зазвычай, абодва павінны быць максімальна звыклымі для носьбітаў славянскіх моў. Таму мы працуем з абмежаванай колькасцю гукаў і пазбягаем уключэння неславянскіх элементаў.
- Кожны чалавек павінен быць здольным пісаць на міжславянскай са сваёй клавіятуры, без асаблівых прыстасаванняў і такім чынам, каб гэта здавалася натуральным.
- Паколькі падзел паміж лацінскім і кірылічным алфавітамі праходзіць пасярэдзіне славянскай тэрыторыі, да абодвух ставяцца роўна.
- Мы не прытрымліваемся прадпісанняў у дачыненні да вымаўлення. Мы проста даём асноўныя ўказанні, а ў астатнім кожны павінен вымаўляць міжславянскую так, як яму зручна і натуральна. Ніводнае вымаўленне не з’яўляецца «больш правільным», чым іншае. Падобна, націск ставіцца свабодна.
У ідэале павінна быць магчымасць пісаць міжславянскай на кожнай славянскай клавіятуры. Аднак ёсць адна праблема: гэтыя клавіятуры былі распрацаваны ў адпаведнасці са стандартнымі нацыянальнымі правапісамі, і кожны з гэтых правапісаў быў адаптаваны да патрэбаў пэўнай мовы. Прыкладна палова славянскіх моваў выкарыстоўвае лацінскі алфавіт, другая палова — кірыліцу, і абодва алфавіты існуюць у дзвюх узаемавынятковых версіях: чэская, славацкая, славенская і харвацкая выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт з v, š, ž і г.д., польская — з w, sz, ż; руская, украінская, беларуская і балгарская мовы выкарыстоўваюць кірыліцу з й, ь, ю, сербская і македонская — з ј, љ і џ. Не нам вырашаць, што адзін адменнік «лепшы» або «больш славянскі» за другі. Апроч таго, усякаму славяніну мусіць быць зручна пісаць міжславянскай, таму мы павінны змірыцца з тым фактам, што ёй можна пісаць па-рознаму.
Паколькі конье, конье, коње, коние і коне — гэта проста розныя натуральныя спосабы напісання аднаго і таго ж слова, няма асаблівага сэнсу абмяркоўваць, якую версію трэба зрабіць «афіцыйнай», паколькі любы такі выбар аўтаматычна зробіць іншыя версіі «неафіцыйнымі», і, такім чынам, «няслушнымі», альбо, прынамсі, «нестандартнымі». Таму мы прытрымліваемся зусім іншага падыходу: замест афіцыйнага правапісу мы працуем з прататыпам правапісу. Мяркуючы, што ўсялякія рашэнні, якія выкарыстоўваюцца ў нацыянальных правапісах, датычацца аднаго прататыпу, мы таксама мяркуем, што гэты прататып з’яўляецца найлепшым спосабам прадстаўлення міжславянскай мовы. Паколькі мы маем справу з двума абсалютна рознымі алфавітамі (лацініцай і кірыліцай), мы не можам пазбегнуць таго, каб мець адзін прататып правапісу для кожнага з іх.
У ідэале абодва прататыпы павінны мець наступныя характарыстыкі:
- яны павінны быць інтуітыўна зразумелымі кожнаму, хто ўмее чытаць адпаведны алфавіт
- яны павінны быць лагічнымі, паслядоўнымі, адназначнымі і этымалагічна правільнымі
- яны павінны даваць вартае набліжэнне да правільнага вымаўлення
- па магчымасці, адна фанема (гук) = адна літара
- яны павінны быць сумяшчальнымі (простая транслітарацыя, сама лепш на аснове 1:1)
- у іх не павінна быць ненатуральных элементаў
- яны не павінны быць выродлівымі або іншым чынам абразлівымі (напрыклад,
йаабоłi), але таксама не павінны абмяжоўвацца асаблівасцямі якой-небудзь нацыянальнай мовы - яны карэктна адлюстроўваюцца на звычайным экране камп’ютара, таму варта пазбягаць сімвалаў з незвычайных набораў сімвалаў, якія спалучаюць дыякрытыку і да т.п.
Паколькі ніводзін з існых славянскіх правапісаў не можа задаволіць усім гэтым патрабаванням, мы адрозніваем асноўны алфавіт, які складаецца з фанем, якія можна знайсці ў кожнай славянскай мове, і шэраг неабавязковых пашырэнняў, якія можна выкарыстоўваць як сродак для большай яснасці ў вымаўленні, этымалогіі і г.д.
Лексіка
Міжнародная і славянская лексіка
У ідэале кожнае слова павінна быць знаёмым кожнаму носьбіту славянскай мовы. Нават калі пэўная форма слова не сустракаецца ў чыёйсьці роднай мове, яна павінна, прынамсі, выклікаць падразуменне, якое дае падказку ў правільным кірунку. Відавочна, што гэта не заўсёды магчыма, і таму неабходныя некалькі механізмаў, каб вырашыць, як выбіраць лексіку. Першы і самы важны крок — гэта збор каранёў слоў, якія вядомыя для ўсіх або большасці славян. Пасля гэтыя карані могуць служыць асновай для пашырэння слоўнікавага запасу шляхам пабудовы словазлучэнняў.
Ёсць два тыпы лексікі, якія граюць ключавую ролю ў паляпшэнні ўзаемаразумення паміж дзвюма рознымі мовамі:
- міжнародная лексіка — словы, распаўсюджаныя ў многіх, нават няроднасных, мовах. Большая частка з іх была запазычана прама ці ўскосна з лацінскай і грэчаскай (филозофија, университет, материал, мотор), часам паходзіць з іншых моў (бјуро, фајл, јагуар, чај, шоколад), у рэдкіх выпадках нават са славянскіх моў (вампир, водка)
- агульная спадчынная лексіка, інакш кажучы, лексіка, якую абедзве мовы атрымалі ў спадчыну ад агульнага продка, у дадзеным канкрэтным выпадку праславянскай
Міжнародныя словы з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай славянскай мовы. Іх перавага ў тым, што яны, зазвычай, практычна ідэнтычныя ў розных мовах, як па форме, так і па значэнні, і таму з’яўляюцца выдатным рашэннем для міжславянскай мовы, асабліва для больш адукаваных людзей. У выпадку са спадчыннай лексікай сітуацыя крыху больш складаная, бо кожная мова прайшла свой характэрны шлях развіцця, і ў выніку слова ў адной мове можа не адразу быць вядомым для носьбітаў другой, нават калі гэта тое ж самае слова. Параўнайце, напрыклад, польскае węgiel і славацкае uhlie «вугаль». Апрача таго, у некаторых выпадках іх значэнні настолькі разышліся адно ад аднаго (напрыклад, дума, што азначае «думка» па-руску і «гонар» па-польску), што іх можна лічыць фальшывымі сябрамі, г.зн. словамі, якія лёгка могуць быць няправільна зразуметымі нават у правільным кантэксце.
Аб’ём міжнароднай лексікі абмежаваны, і ён не будзе карысны для многіх паўсядзённых паняццяў. Да таго ж ёсць людзі, якім проста не падабаецца ўжываць яе ў славянскай мове. Таму мы таксама намагаемся даць выбар з шырокавядомых славянскіх слоў. Аднак гэта не заўжды магчыма. Напрыклад, адны славянскія народы выкарыстоўваюць лацінскія назвы месяцаў, іншыя — славянскія. Апошнія значна менш аднастайныя: листопад па-польску азначае «лістапад», а па-харвацку — «кастрычнік» (тыповы прыклад фальшывага сябра), прытым, які месяц маецца на ўвазе пад кастрычник, можа сказаць толькі беларус. Таму да славянскіх адпаведнікаў міжнародных слоў трэба ставіцца асцярожна.
Міжнародная лексіка прымаецца толькі ў тым выпадку, калі яна выкарыстоўваецца ў большасці славянскіх моў. У міжславянскай мове прымяняюцца пэўныя фіксаваныя механізмы яе запазычвання, якія можна знайсці ў адмысловым раздзеле.
Калі гаворка ідзе пра агульнаўспадкоўную (славянскую) лексіку, то трэба зрабіць тры рэчы: выбраць словы і карані слоў, устанавіць для іх правільную форму і надаць ім асноўнае значэнне.
Якія карані выкарыстоўваць?
Калі патрабуецца новае слова, мы пачынаем са складання пераліку слоў, якія выкарыстоўваюцца для яго пазначэння ў розных славянскіх мовах. У залежнасці ад выніку, вось што мы робім:
- Калі корань слова існуе ва ўсіх славянскіх мовах у аднолькавым значэнні, гэта проста: мы з удзячнасцю пераймаем яго.
- Калі разыходзяцца толькі адна-дзве мовы, мы робім тое ж самае.
- Калі можна вылучыць дзве або больш груп, заснаваных на розных славянскіх коранях, мы дзейнічаем наступным чынам:
- для кожнага з гэтых каранёў мы шукаем роднасныя словы ў астатніх мовах разам з іх значэннямі,
- пасля мы робім тое ж самае для гэтых каранёў і значэнняў, ствараючы такім чынам «семантычныя сем’і»,
- нарэшце, мы выбіраем тыя словы, якія сустракаюцца ва ўсіх або большасці моў, і прысвойваем ім найбольш «сярэднія» значэнні.
- Калі гэта таксама не працуе, у нас ёсць некалькі варыянтаў:
- мы выбіраем слова, якое сустракаецца ў большасці моў
- мы аналізуем, якія словы больш інтуітыўна зразумелыя за іншыя, нават калі яны выкарыстоўваюцца толькі ў адной мове
- утвараем сінонімы
- мы аддаем перавагу буйнейшым і больш вядомым мовам у параўнанні з меншымі
- мы шукаем «міжнародны» эквівалент
- мы нешта «праектуем».
Прымяняючы гэты працэс, усе тры падсем’і (усходне-, заходне- і паўднёваславянская) разглядаюцца на роўнай аснове. Мы рупліва пазбягаем перавагі адной мовы перад другой, што не заўсёды лёгка, бо адна мова (руская) значна большая за ўсе іншыя з пункту гледжання носьбітаў, а некалькі меншых моў (напрыклад, сербская, баснійская і харвацкая) вельмі падобныя адна да адной, іх лёгка можна разглядаць як дыялекты адной мовы. Каб дасягнуць справядлівага стаўлення да моў пры ўзважванні іх унёску, мы выкарыстоўваем сістэму з шасці падгруп, і кожнай з гэтых падгруп даецца адзін «голас»:
- руская
- украінская і беларуская
- польская
- чэшская і славацкая
- славенская і сербская/харвацкая/баснійская
- балгарская і македонская
Калі дзве мовы ў адной групе не маюць згоды па адным слове, ½ голасу аддаюцца адной і ½ голасу — другой. Калі два словы кандыдата набіраюць аднолькавую колькасць галасоў, вырашае насельніцтва. Практычна гэта азначае, што руская заўсёды перамагае, што цалкам разумна, улічваючы, што каля 70% славян ведаюць гэтую мову.
З практычных меркаванняў мовы, на якіх размаўляюць менш за мільён чалавек, такія як лужыцкая, кашубская і русінская, не ўдзельнічаюць у галасаванні. Аднак гэта не азначае, што яны зусім не ўлічваюцца.
Машына для галасавання — гэта інструмент, які прымяняе гэтыя правілы. Варта адзначыць, што гэтыя правілы прызначаны для агульнай тэндэнцыі; калі іншае рашэнне выяўна лепшае, цвярозы розум заўсёды павінен пераважаць.
Фальшывыя сябры
Індывідуальнае развіццё славянскіх слоў у розных мовах, улучаючы іншым разам сур’ёзныя змены значэнняў, прывяло да існавання ў розных мовах мноства падобных на выгляд слоў з зусім рознымі значэннямі. Гэтыя словы вядомыя як «фальшывыя сябры», і добры — хоць і няпоўны — агляд можна знайсці ў англійскіх Вікікнігах. Хаця іх не заўсёды можна пазбегнуць, да гэтых слоў трэба ставіцца ўважліва.
Невялікая розніца ў значэнні паміж мовамі не абавязкова павінна быць праблемай (напрыклад, љубити азначае «кахаць» у большасці славянскіх моў, але «падабацца» ў польскай). Сапраўды вялікія адрозненні ў значэнні таксама рэдка выклікаюць праблемы, асабліва калі яны адносяцца да розных катэгорый слоў (напрыклад, pet ~ peť ~ peć ~ piec, якія нясуць значэнні, такія як «пяць», «печ», «недакурак» і «спяваць»). У абодвух выпадках імавернасць непаразуменняў невялікая. Фальшывыя сябры праблематычныя толькі тады, калі слова, нягледзячы на сур’ёзную розніцу ў значэнні, усё ж можа выкарыстоўвацца ў тым жа або падобным кантэксце і таму, імаверна, будзе па-рознаму разумецца славянамі розных нацыянальнасцяў. Вышэйзгаданае слова листопад, якое азначае «лістапад» на польскай/чэшскай мове і «кастрычнік» на харвацкай, з’яўляецца прыкладам. Відавочна, што ў міжславянскіх тэкстах такіх слоў варта пазбягаць.
Неалагізмы
У міжславянскім кантэксце неалагізмы — гэта словы, якія не існуюць самі па сабе ні ў адной з жывых славянскіх моў. Прыкладамі такіх слоў з’яўляюцца словы-партманта (напрыклад катка «качка», з рус. утка, польск. качка, паўднёваслав. патка), калькі з неславянскіх моў (напрыклад колокрєсло «інвалідны вазок»), спалучэнні каранёў міжславянскіх слоў з няіснымі ў славянскай мове міжславянскімі афіксамі (напрыклад, градник «гараджанін»), а таксама словы больш апісальнага характару ў выпадках, калі немагчыма знайсці шырока зразумелае славянскае слова.
Наконт таго, наколькі штучна створаныя словы прымальныя ў міжславянскай мове, меркаванні адрозніваюцца; некаторыя людзі іх любяць, іншыя ненавідзяць. У слоўніку мы імкнёмся пазбягаць неалагізмаў, калі ні ў адной з жывых славянскіх моў няма слова, зразумелага шырокай аўдыторыі і не зразуметага памылкова іншымі. Прыкладам можа служыць часина «гадзіна» (у стараславянскай мове ёсць два словы: час і година, але першае азначае «час» на заходнеславянскай мове, другое азначае «год» на паўднёваславянскай, а сербахарвацкае слова sat з’яўляецца турэцкім словам, якое зусім незразумелае іншым славянам).
Як устанавіць правільную форму для кораня?
Калі мы даведаемся, якое слова будзем выкарыстоўваць, наступны крок — вызначыць, як менавіта яно павінна выглядаць. Перш за ўсё, павінна быць унутраная ўзгодненасць: кожны раз, калі пэўны корань або марфема сустракаецца ў злучэнні, яны павінны мець аднолькавую форму, незалежна ад таго, з якой мовы гэта злучэнне ўзята. Каб міжславянская мова не ператварылася ў сумесь слоў, узятых з розных моў, словы ніколі не запазычваюцца непасрэдна ні з адной славянскай мовы.
Замест гэтага мы вяртаемся да гіпатэтычнай формы ў праславянскай мове, якую часта можна знайсці ў яе блізкай роднаснай старажытнаславянскай мове, і пасля падвяргаем яе мадэлі простага вывядзення. Гэта не толькі гарантуе ўзгодненасць, але таксама паляпшае зразумеласць і палягчае навучанне, таму што фаналагічнае развіццё сучасных славянскіх моў ад праславянскай мае надзвычай рэгулярны характар: як толькі чалавек ведае, як дадзены гук у яго ўласнай мове прадстаўлены ў міжславянскай — пра што ён даведаецца вельмі хутка, прачытаўшы некалькі тэкстаў — ён зможа не толькі лёгка распазнаваць словы, але і прадказваць іх без праверкі ў слоўніку.
Напрыклад, агульнаславянскія паслядоўнасці tj/dj становяцца č/ž ва ўсходнеславянскай, c/dz у польскай, c/z у чэха-славацкай, č/j у славенскай, ć/đ у сербахарвацкай, ḱ/ǵ у македонскай і št/žd у балгарскай. Лепшы кампраміс тут, напэўна, č/dž (напрыклад, свєча «свечка» і меджу «паміж»), які мае дадатковую перавагу ў тым, што апошні з’яўляецца агучаным эквівалентам першага і, такім чынам, стварае сіметрыю.
Для ілюстрацыі таго, як усё гэта працуе, вы можаце пабачыць тут, як асабовыя займеннікі ў міжславянскай мове заснаваны на асабовых займенніках у натуральных славянскіх мовах.
Граматыка
Тое, што тычыцца лексікі, таксама тычыцца і граматыкі. Граматычныя элементы, якія з’яўляюцца агульнымі для славянскіх моў, заўжды з’яўляюцца адпраўным пунктам. Аднак канчатковы вынік вельмі залежыць ад мэты і абставінаў, для якіх выкарыстоўваецца міжславянская. Аптымізацыя зразумеласці аўтаматычна робіць гэта цяжэй для таго, хто гаворыць або піша, у той час як больш спрошчаная граматыка робіць мову менш натуральнай і, такім чынам, больш цяжкай для разумення. Каб справіцца з гэтым, мы вылучаем два розныя ўзроўні граматыкі. Які з іх пераважны для якой мэты, залежыць як ад размоўцы, так і ад слухача, носьбіта і сітуацыі. У ідэале ўзровень 1 павінен быць часткай узроўню 2, каб навучэнец мог паступова рухацца наперад, не анулюючы яго раней атрыманыя веды.
Просты ўзровень
Самая простая форма міжславянскай мовы, Словианто, насамрэч не з’яўляецца мовай, а хутчэй метадам, які можа выкарыстоўвацца неславянамі як метад вывучэння і/або выкарыстання міжславянскай мовы. Яна складаецца з трох розных узроўняў, кожны з якіх набліжае навучэнца да «сапраўднай» міжславянскай мовы.
Першы ўзровень — гэта мінімалістычная, прымітыўная граматыка, якая характарызуецца адсутнасцю ўсяго, што сапраўды не патрэбна для простых зносін. Граматычны род на гэтым узроўні не грае ролі, склоны назоўнікаў адсутнічаюць, а спражэнне дзеясловаў застаецца абмежаваным да мінімуму. Тыя нешматлікія формы, якія засталіся (напрыклад, множны лік), павінны быць пазнавальнымі для славянаў без папярэдняга вывучэння, і іх запамінанне павінна займаць лічаныя хвіліны, а не гадзіны. Гэты ўзровень асабліва карысны для неславян, якія не зацікаўлены ў вывучэнні ўсёй мовы, але ўсё ж хочуць мець магчымасць выказвацца на базавым узроўні ў камунікаванні са славянамі.
Другі ўзровень знаёміць з граматычным родам і дае простую мадэль для спражэння дзеясловаў. Трэці ўзровень знаёміць са склонамі назоўнікаў.
Прасунуты ўзровень
«Сапраўдная» міжславянская мова ў першую чаргу прызначана для славян, а таксама для неславян, якія жадаюць мець магчымасць камунікаваць на больш сур’ёзным узроўні. Гэты ўзровень заснаваны на агульнасці славянскіх моў. Такім чынам, ён мае граматычны род (прысутнічае ва ўсіх славянскіх мовах), сем склонаў (прысутнічаюць ва ўсіх славянскіх мовах, акрамя балгарскай і македонскай), трыванне і поўнае спражэнне дзеясловаў. Аднак славянскія мовы вядомыя сваёй складанай граматыкай, і, каб пазбегнуць бясконцых табліц з назоўнымі і дзеяслоўнымі парадыгмамі, усё яшчэ патрабуецца значнае спрашчэнне. Каб знайсці добры баланс паміж натуралізмам і прастатой, мы намагаемся як мага бліжэй наблізіцца да натуральных формаў, выкарыстоўваючы самыя простыя спосабы. Мы ўнікаем няправільнасці, калі толькі не ставім пад сур’ёзную пагрозу больш лёгкую пазнавальнасць. Таксама ўнікаем штучнасці.
Найважней, што кожны граматычны канчатак пазнаецца імгненна, нават калі склонавая форма слова выглядае па-іншаму на чыёй-небудзь мове. Напрыклад, большасць славянскіх моў могуць мець розныя канчаткі для роднага склону адзіночнага ліку назоўніка мужчынскага роду, але ёсць адзін агульны канчатак: -a, які, такім чынам, з’яўляецца рашэннем для ўсіх выпадкаў гэтай формы. Шматлікія дзеяслоўныя класы, якія існуюць у славянскіх мовах, зведзены да простай сістэмы з дзвюх асноваў: інфінітыва і асновы цяперашняга часу. Апошняе амаль заўсёды з’яўляецца лагічным вынікам першага, і толькі ў некалькіх выпадках іх трэба вывучаць асобна. Дзякуючы гэтаму падыходу дасягаецца значнае спрашчэнне без шкоды для натуралістычнага характару мовы.
Гэты ўзровень прыдатны для кантактаў і публікацый, а таксама як сродак для таго, каб зразумець прыроду славянства.